Не важно, кто против тебя, если ты – лучший
Эрик Кантона
Оставить заявку
Ассоциация «Федерация пляжного футбола» Республики Беларусь
Меню
Группа Вконтакте
 
Международный рейтинг
Мировой рейтинг
Европейский рейтинг
1.
Brazil
4410
2.
Portugal
3449
3.
Iran
3003
4.
Russia
2695
5.
Italy
2531
22.
Argentina
698
23.
Lebanon
648
24.
Belarus
614
25.
Morocco
609
26.
Hungary
595
1.
Portugal
3449
2.
Russia
2695
3.
Italy
2531
4.
Switzerland
2043
5.
Spain
981
6.
Poland
939
7.
Ukraine
869
8.
Belarus
614
9.
Hungary
595
10.
England
580
Полный рейтинг
Мультимедиа

«Масква сустрэла нас спякотным надвор'ем». Другi запic блога Валерыя Макарэвiча

У чарговым пасце галкiпера нашай зборнай Валерый падводзiць вынiкi кэмпа ў Мiнске, распавядае, хто з футбалiстаў атрымаў пашкоджанне на трэнiроўцы, а хто ня вельмi любiць пералеты. Дарэчы, першая гульня ўжо сёння!

Першы запiс блога 


— Мiнуў наш збор, і за гэты тэрмін адбылося шмат чаго цікавага ў жыцці нашай каманды. Перш за ўсё хочацца адзначыць тое, што на трэніровачнай пляцоўцы панаваў выдатны настрой, які дазваляў лягчэй пераадольваць нагрузкі, прапанаваныя трэнерамі. Ніхто нікога не прымушаў, кожнаму вядома, дзеля чаго патрэбныя гэтыя намаганні. Усе практыкаванні былi набліжанныя да гульні, чым і выклікалi зацікаўленнасць з боку футбалістаў. Не магчыма не ўзгадаць пра адзіны ня вельмі прыемны выпадак, які парушыў спакой і засяроджанасць усіх без выключэння. Пачалося ўсё з віншаванняў нядаўняга імянінніка Ігара Брыштэля і Дзяніса Самсонава 20 лiпеня. Калі на Ігара ўрачыстыя словы не паўплывалі ніяк, то другога віноўніка радаснай падзеі кранулі аж занадта. На святочных хвалях у адным з бяскрыўдных момантаў наш непахісны волат-нападаючы сутыкнуўся з ня меньш рашучым у тое імгненне Дзмiтрыем Камзолавым. Ні адзін, відавочца, не пазайздросціў 20 нумару нашай зборнай... Добра, што пашкоджанне не заміне Каме прыняць удзел на этапе ў Маскве. Але падчас трансляцый вы ўбачыце вынiк таго сутыкнення каля левага вока Дзмiтрыя.
 
Хочацца яшчэ адзначыць тое, што гэты кэмп адрозніваўся ад мінулых прысутнасцю маладых гульцоў, якія набіраюцца досведу, займаючыся побач з мацёрымі зборнікамі. Яны складалi асобную чацьвёрку, і займаўся з імі больш Дарыа, які мае здольнасці ў рабоце з моладзю. Бачна, што ён вельмі натхнёна і старанна выпраўляе кожны недахоп у іх дзеяннях. Мяркую, што калі хлопцы будуць рабіць правільныя высновы і ўдасканальвацца, у кожнага з іх ёсць магчымасці ў будучым стаць гульцом асноўнага складу.
 
Таксама патрэбна крануцца тэмы прафесійнасці. Нягледзячы на тое, што шмат хто з нас яшчэ недзе працуе, на пляцоўцы падчас трэніроўкі гэтага не заўважыш. Сумленне і адданасць гэтаму віду спорта не даюць адносіцца да яго як да хобі. Калі раней я жыў адным футболам, то не разумеў гэтага. Зараз жа, адчуваючы ўсё на ўласнай скуры, мне як нікому iншаму вядома, якія гэта ахвяры. Але, на мой погляд, такiм чынам мы робімся яшчэ мацнейшымі і больш аб'яднанымі агульнай справай. Спадзяюся, у хуткім часе прыйдзе той момант, калі ў нашых футбалістаў будуць такія ўмовы, якія будуць дазваляць засяродзіцца толькі на пляжцы.
 
***

У мiнулую пятнiцу адбыўся першы спарынг супраць берасцейскай Лагуны, у якім мы спрабавалі дзейнічаць разнастайна. Нашыя квартэты мелі розныя тактычныя заданні на гульню, выкарыстоўвалiся розныя схемы як у абароне, так і ў атацы. Па праўдзе кажучы, ўражанні засталіся не самыя лепшыя, бо не ўсё жадаемае атрымалася выканаць. Здаецца, што задаволеных сваімі і агульнымі дзеяннямі пасля матча не было. Ні ў якім разе не хочацца пакрыўдзіць хлопцаў з горада над Бугам, але такія гульні не павінны завяршацца з лікам 8:5. Не хапала нам канцэнтрацыі і патрэбнага настрою. Ну і, канешне, 5 прапушчаных мячоў не могуць быць сведкамі нашай надзейнай гульні ў абароне.  
 
Другая гульня стала магчымасцю выправіць памылкі, дапушчаныя падчас першай сустрэчы. З большага гэта атрымалася толькi ў атакуючых дзеяннях, а ў абароне iзноў iснавала нейкая разняволеннасць. Такiя спарынгi i патрэбныя для таго, каб высвятлiць, над чым больш за ўсё засталося папрацаваць. Спадзяюся, мы i наш трэнерскi штаб зрабiлi высновы, i з цягам астатняга часу мы выправiм усе недахопы.
 
На апошнiх трэнiроўках мы больш за ўсё засяроджвалiся на ўласнай гульне. Але рабiлi гэта, думаючы пра тое, з кiм нам прыйдзецца мець справы на этапе ў Маскве. Паспрабавалі стварыць падзеі, з якімі нам давядзецца сутыкнуцца ў матчах з будучымі супернікамі. Папрацавалі над стандартамі, разлічваем на тое, што гэты элемент будзе прыносіць нам больш карысці. Засталося перанесці засвоенае на афіцыйныя гульні. Што з гэтага атрымаецца – пабачым у хуткім часе.
 
 
***

Калі даведаўся, што ў Маскву дабіраемся самалётам, вельмі ўзрадаваўся. Бо мінулыя разы прыходзілася ехаць аўтобусам, на якім дарога да сталіцы Расіі прыемнай не падавалася. Магчыма, гэты момант таксама паўплывае на дасягненне больш станоўчага вынiку. Можа толькi Ваня Канстанцiнаў быў не зусiм задаволены, бо пералёт для яго – заўсёды выпрабаванне. Але ўсё ж такi i ён апошнiм часам адчувае сябе на вышынi больш упэўнена. Вельмі хочацца, каб такая ўпэўненнасць з'явілася і ў нашай каманды падчас сустрэч за самыя высокія месцы. На маю думку, мы валодаем усімі якасцямі, якія неабходныя для дасягненняў даўно жаданых намі перамог. З нецярпеннем чакаю першай гульні. Надта цікава, як мы будзем выглядаць, выкарыстоўваючы новыя схемы, ці будуць яны працаваць і даваць патрэбны вынік. Як кажуць – гульня ўсё пакажа. Якім будзе лiк, мы даведаемся напрыканцы тыдня. А мне здаецца, што мы здольныя вырашыць задачу выхаду ў Суперфінал менавіта на маскоўскім этапе.
 
Наша паездка пачалася ізноў, як і на «Кубак Дружбы», з таго, што прыйшлося вяртацца за нечым неабходным. Цяпер гэта былі вымпелы. Будзем спадзявацца, што гэта добрая прыкмета :) Час у паветры прайшоў хутка, і неўзабаве мы апынуліся на тэрыторыі аэрапорта «Дамадзедава». Масква сустрэла нас нечакана спякотным надвор'ем, быццам бы даючы зразумець, што каманды-удзельнікi на яе этапе чакаюць вельмі складаныя і гарачыя супрацьстаянні. Далей нас чакала сустрэча з Эвелінай, дзяўчынай, якая нас суправаджала, здаецца, на ўсіх маскоўскіх этапах Еўралігі. Усе вельмі хваляваліся, што дарога да гатэлю займе шмат часу, бо ён знаходзіцца амаль у іншай частцы горада. Дарэмна – за намі прыехаў вельмі досведны кіроўца, які даставіў нас нават хутчэй за час, зазначаны на Google-мапе. Пасля засялення мы крыху падмацавалiся i рушылi на стадыён, каб правесцi афiцыйную трэнiроўку. Да яе пачатку крыху паназіралі за заняткам зборнай Расіі, якая на правах гаспадароў уяўляе сабой магутную вежу. Але, як сведчаць мінулыя гульні, не такую ўжо і непрыступную. Падчас свайго занятку мы крыху разрухаліся з дарогі і адчулі асаблівасці пляцоўкі, на якой давядзецца згуляць у бліжэйшыя дні. Будзем спадзявацца, што матчы на ёй прынясуць нам поспех і задаволяць сваімі канчатковымі лічбамі.